День беларускага пісьменства

30.08.2024

Кожны год у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства, якое для ўсіх нас мае вялікае значенне. Як правіла, гэтае свята праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы, як найвялікшы скарб, сувязь пакаленняў. Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Капыль (2021), Добруш (2022), Гарадок (2023). У 2024 г. свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання будзе прымаць горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. З гэтай нагоды ў школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава “Вытокі беларускай асветы”. Наведвальнікі пазнаёміліся з прадстаўленымі кнігамі і ў чарговы раз успомнілі імёны вялікіх і славутых людзей, дзякуючы якім да нас прыйшла кніга.